Monthly Archives

May 2017

Пра драўляныя настольныя гульні

By | Новыя гульні

Гульні і цацкі з натуральных матэрыялаў ужо даўно зарэкамендавалі сябе ва ўсім свеце і актыўна карыстаюцца папулярнасцю сярод гульцоў любых узростаў. Дрэва – гэта папулярны экалагічны матэрыял, рэчы з якога прыемныя навобмацак і бяспечныя для дзяцей.

Распрацоўка і выданне настольных гульняў з дрэва – гэта цікавы маштабны накірунак працы выдавецтва, якім мы займаемся ўжо два гады.

За гэты час мы выпусцілі аналаг сусветна вядомай «Джэнгі» – драўляную настольную гульню “Вежа”, якая вырабляецца з трох відаў дрэва – алешыны, хвоі і асіны.

“МегаВежа” – гэта гіганцкая версія «Вежы», якая карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод прыхільнікаў гульнятэк на адкрытым паветры і аматараў арыгінальных падарункаў. Наша «МегаВежа» у 30 разоў большая за стандартную гульню.

У лютым 2017 года ўбачыў свет новы праект выдавецтва «А-чатыры» – «На Трох Кітах» – гульня на баланс, якую вельмі любяць усе без выключэння дзеці. А дарослых яна радуе яшчэ і эстэтычным выкананнем.

У цяперашні час рыхтуецца да выпуску наш праект «Вежа. Вясёлыя фанты». Гэта звыклая настольная гульня з новым напаўненнем – цікавымі арыгінальнымі заданнямі, якія гульцам трэба будзе выконваць у залежнасці ад лічбы на выцягнутым бруску.

Сёння папулярная гульня «Вежа» можа стаць і добрым карпаратыўным падарункам, бо ў вытворчасць хутка паступяць першыя партыі гульні з выявай розных лагатыпаў на драўляных брусках. На настольнай гульні «Вежа» можа быць лагатып і вашай кампаніі.

Дойліды

Дойліды

МегаВежа

МегаВежа

Замкавая вежа

Замкавая вежа

На трох кітах

На трох кітах

Вежа

Вежа

«Ігракуб» – самая яркая падзея ў свеце настольных гульняў у Гародні

By | Падзеі

«Ігракуб» – гэта фестываль настольных гульняў, які ўжо тры гады запар радуе аматараў настолак Гародні, а таксама гасцей з усёй Беларусі. Галоўная мэта фестывалю – папулярызацыя настольных гульняў, пагружэнне ўсяго горада на адныя выходныя ў вясёлую і яркую атмасферу любімага хобі.

Падчас «Ігракуба» праходзіць знаёмства з настольнымі навінкамі, сустрэчы з распрацоўшчыкамі гульняў, прэзентацыі новых праектаў. Кожны год мы праводзім турніры па настольных гульнях сярод дарослых і дзяцей, дзе кожны можа пазмагацца за добры падарунак.

Важна адзначыць, што «Ігракуб» цікавы і для пачаткоўцаў у настольных гульнях. Мы ўжо атрымалі і да гэтага часу атрымліваем мноства падзяк ад гараджан, якія выпадкова зайшлі да нас на фэст ці якіх «выцягнулі» да нас сябры. На фестывалі працуе многа кансультантаў і валанцёраў, якія з радасцю пасадзяць любога жадаючага за гульнявы стол і раскажуць правілы гульні.

Упершыню «Ігракуб» прайшоў у 2014 годзе. Ужо падчас першага нашага фестывалю мы зразумелі, што традыцыю трэба працягваць. Цяпер мерапрыемства доўжыцца два дні, а яго гасцямі ўжо сталі распрацоўшчыкі з Масквы, Менску і іншых гарадоў Беларусі.

Гэтай восенню нас чакае «Ігракуб-2017», і мы ўжо рыхтуем для вас навінкі, сюрпрызы, цікавыя конкурсы і падарункі.

У нашага фестывалю ёсць сайт, дзе вы можаце паглядзець, як весела і ярка мы праводзім час на «Ігракубе». Падрабязнасці пра дату яго правядзення і расклад мерапрыемства вы зможаце знайсці на сайце фестывалю, а таксама ў групах у сацыяльных сетках бліжэй да восені.

Сспасылка на сайт http://igrokub.by/,

Суполка ў ВК https://vk.com/igrokub2015

Паўстанцы

By | Новыя гульні

“Паўстанцы” носяць ганаровае званне “першай беларускамоўнай настольнай гульні”. Менавіта яны запусцілі хвалю з’яўлення новых настолак у нашай краіне і занялі сваё пачэснае месца ў гісторыі гульняў Беларусі. “Паўстанцы” – гэта першыя крокі да з’яўлення творчага згуртавання “А-чатыры”, а апантанае жаданне прыдумаць нешта новае, а самае важнае – па-беларуску, стала галоўнай прычынай іх стварэння.

Здаўна ва ўсім свеце, і ў Беларусі ў тым ліку, існавала вялікая колькасць разнастайных настольных гульняў, але аднойчы, аблазіўшы ўвесь інтэрнэт, мы расчараваліся: уласнай беларускай настольнай гульні няма. Ідэя “Паўстанцаў” з’явілася як раз тады, на пачатку, як жарт ды беларускі аналаг “Мафіі”. Але, прадумаўшы новыя, больш цікавыя правілы, мы атрымалі ў выніку унікальную гульню, гульню, што дыхае беларускай гісторыяй, мае свой каларыт і трымае да апошніх хвілін партыі.

Для ўздельнікаў гульні важна тое, што яны могуць адчуць сябе сапраўднымі гістарычнымі асобамі-удзельнікамі ўсім вядомай падзеі 1863-1864гг. – царскімі службоўцамі, простымі сялянамі ці мужнымі паўстанцамі. Больш таго – кожны з удзельнікаў можа паўплываць на вынік паўстання, і да апошніх хвілін невядома, хто пераможа. У руках гульцоў – магчымасць змяніць гісторыю!

“Паўстанцы” выйшлі ў свет у 2013 годзе. На працягу некалькіх месяцаў праходзілі актыўныя іх прэзентацыі на тэрыторыі Беларусі і нават за яе межамі. А мы за гэтыя чатыры гады атрымалі вялізную колькасць прыемных водгукаў і падзяк, чым вельмі ганарымся.

Нам вельмі прыемна падзяліцца з вамі тым, што на першы юбілей гульні, у 2018 годзе (а гэта будзе як раз 155 год з пачатку паўстання!), творчае згуртаванне “А-чатыры” плануе святочнае перавыданне “Паўстанцаў”. Аматараў першай беларускай настолкі (а таксама аматараў гісторыі і настольных гульняў увогуле) чакае мноства сюрпрызаў – новыя ілюстрацыі, цікавы дадатак і афармленне.

Пасля “Паўстанцаў” мы выдалі ўжо новыя настольныя гульні, працуем таксама над іншымі цікавымі праектамі. Але да першай нашай беларускай настолкі мы заўсёды будзем адносіцца з асаблівым пачуццём, таму што яна стала пачаткам для многага ў нашым жыцці. Гэта ідэя, якая з цікавасці і жарту перарасла ў сапраўдную падзею і дала старт усім беларускім настольным гульням.