Category

Распрацоўкі

«Нулявы кіламетр» расказаў пра карты фабрыкі Лапіных

By | Распрацоўкі

Аўтарскі праект Наталлі Шматко «Нулявы кіламетр» папоўніўся новым выпускам. У ім аўтар праграмы распавядае пра першую газету на тэрыторыі Беларусі, якая выдавалася ў Гродне, а таксама пра тое, як апісвалі госці наш горад у 1860 годзе, што ў XIX стагоддзі было на месцы сучаснай плошчы Леніна і навошта на ігральных картах малявалі жалуды.

З 4 сакавіка пазнавальныя перадачы, прысвечаныя гісторыі, знакавым месцам і музеям, можна ўбачыць не толькі на Youtube, але і на мясцовым тэлебачанні. Лепшыя выпускі праекта паказваюць у эфіры тэлеканала «Наш горад +» у 20.00 кожную суботу і нядзелю.

Чарнавікі

By | Распрацоўкі

Перад тым, як трапіць да вас у рукі, настольная гульня праходзіць вялікую колькасць этапаў падрыхтоўкі.

Спачатку нараджаецца ідэя, потым, як правіла, прыдумваюцца гульнявыя карткі, і мы малюем іх ад рукі на паперы. Калі ідэя падабаецца, мы шукаем на прасторах інтэрнэту цікавыя малюнкі для нашых картак, друкуем – і тэстуем. Пасля гэтага мы разам з сябрамі дапрацоўваем гульню: балансуем, прыдумваем новыя карткі, а некаторыя старыя выкідваем альбо перапісваем, дадаем новыя элементы, рэдактуем механіку. І вось калі адчуваецца, што праект атрымліваецца цікавым, нарэшце прыступаем да дызайну. Тут таксама вялікая прастора для пошукаў і ідэй: які колер лепей падабраць, якія ілюстрацыі выкарыстаць і г.д. А калі нешта робім рукамі (як у нас атрымалася з гульнёй «Паўстанцы») то дома запускаецца ледзь не цэлая вытворчасць з шыццём чахлоў, трафарэтамі, шнуроўкай. І вельмі часта ўсяго гэтага ніхто не бачыць, бо пакупнік трымае ў руках ужо гатовы праект. А на самой справе ўсё гэта адбываецца вельмі маштабна (у плане пакрытай матэрыяламі тэрыторыі дома, памочнікаў і, вядома, смецця).

Аднойчы ў госці да нас завітала наша добрая знаёмая Ірына Новік і зрабіла пару фотаздымкаў пад назвай «Чарнавікі». На іх паказаны ўвесь працэс стварэння настольнай гульні “Паўстанцы” – чарнавікі, накіды, розныя версіі гульні, запэцканыя фарбамі рукі. Фотаздымкі атрымаліся вельмі вясёлымі і жыццёвымі, таму мы вырашылі падзяліцца нашымі «кулісамі» з усімі.

Сустракайце гісторыі стварэння нашых настольных гульняў у адным фота! У іх вы пазнаеце гульні «Паўстанцы», «Мова», «Гаспадар цмокаў», «Вежа», «На трох кітах», а таксама першы чарнавы прататып нашага новага праекту «Вожыкі».