Нашы новыя праекты

У бліжэйшы час мы плануем выпусціць каля 10 новых настольных гульняў, над распрацоўкай якіх працуем у дадзены момант. З большасцю нашых праектаў ужо зараз можна пазнаёміцца на старонках нашага сайта.

Нашы праекты

Знаёмім вас з нашымі праектамі. Гульні запушчаны ў вытворчасць, знаходзяцца на розных стадыях распрацоўкі.

Развіццё праекта

За развіццём нашых праектаў можна будзе сачыць: хутка ў кожнай гульні з'явіцца свая асобная старонка.

Вашы водгукі

На старонках гульняў можна будзе пакідаць свае каментары і сачыць за раскладам тэставання.

Тэрмін выдання: 2018 год

Настольная гульня "WordMan"

«WordMаn» - гэта чалавек са звышздольнасцямі, які лепш за усё валодае словаўтварэннем. Так, у гульні вам зной давядзецца складаць словы, і так – хутчэй за іншых і больш за іншых. Але не думайце, што ўсё так проста: сярод слоўных паядынкаў хаваецца магія, якой авалодае толькі самы эрудыяваны і самы хітры.

Тэрмін выдання: 2018 год

Настольная гульня "Паўстанцы 2.0"

Пяць год таму выйшаў наш першы праект – настольная гульня “Паўстанцы”. Тыраж гульні ўжо даўно разышоўся, але ў нас ёсць чым вас парадаваць. У 2018 годзе – да 155-ых угодак Паўстання 1865-1864гг. – мы рыхтуем перавыданне гульні. У другую рэдакцыю “Паўстанцаў” будуць унесены цікавыя дадаткі і змены, будуць злёгку перапрацаваны карты “выбару” і ўведзены дадатак пад назвай “Зброя”. Самае цікавае: у другіх “Паўстанцаў” З’ЯВІЦЦА НОВЫ ДЫЗАЙН. Ужо восенню мы падрабязна раскажам пра перавыданне і будзем вельмі рады разглядзець і абмеркаваць вашы прапановы.

Тэрмін выдання: восень-зіма 2017

Серыя настольных гульняў "Мова. Буслік"

Настольная гульня “Мова. Буслік” – гэта працяг нашага праекту “Мова”, але зараз для самых маленькіх. Гэта серыя гульняў, якія будуць знаёміць не толькі з літарамі, але і з цікавымі беларускімі словамі, а розныя варыянты правілаў зробяць яе даступнай для дзяцей рознага ўзросту – ад 3 да 7 год. Разам з гульнёй “Мова. Буслік” вашыя дзеці пазнаёмяцца з жывёльным светам, выйдуць гуляць на вуліцы горада, бліжэй пазнаёмяцца з дамашнім абсталяваннем, робячы свае першыя крокі да беларускай мовы.

Тэрмін выдання: 2018 год

Настольная гульня "Вожыкі"

Галоўнае для вожыкаў – гэта смачна падсілкавацца, таму кожную раніцу яны адпраўляюцца за ежай. Выбар ежы багаты: яблыкі, малако, грыбы, ву̀жыкі. Але вось праблема - часам здараецца так, што ежы можа не хапіць на ўсіх: то дрэнны ўраджай, то благое надвор’е, то людзі сабралі ежу раней, то бусел спалохаў усіх вужоў. Каб не застацца галоднымі, вожыкі намагаюцца здабыць ежу першымі, часам нават рыхтуючы пасткі і перашкоды для сваіх сапернікаў.

Тэрмін выдання: 2018-2019 год

Настольная гульня "Аўтаспынам па галактыцы"

Гэта наш першы сур’ёзны праект. Да яго распрацоўкі мы падыходзім вельмі адказна. У гульні вы адправіцеся ў вялікае падарожжа па бязмежных прасторах космасу разам з героямі рамана Дугласа Адамса “Аўтаспынам па галактыцы”. Гульня знаходзіцца на стадыі распрацоўкі, і мы плануем, што ў хуткім часе прыступыім да адкрытага тэст-драйву праекта.

Тэрмін выдання: 2018 год

Серыя "Мая першая настольная гульня"

Зараз у распрацоўцы знаходзіцца серыя картачных гульняў “Мая першая настольная гульня”. Гэта гульні з простымі правіламі, якія накіраваны на развіццё дзіцячай памяці, увагі, логікі, хуткасці, кемлівасці, прасторавага мыслення. Апроч аўтарскіх правіл, у кожную гульню вы зможаце гуляць з самымі маленькімі дзеткамі па правілах знакамітай гульні “Мема”. У кожнай з гульняў будзе змешчана некалькі варыянтаў правілаў адпаведна іх цяжкасці і ўзросту гульцоў.

Мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва.

Калі вас зацікавілі нашы праекты, памятайце: вы заўсёды можаце дапамагчы нам у распрацоўцы і выданні настольных гульняў словам, справай, фінансавай падтрымкай.